Рус Бел

Структура, парадак фарміравання, кампетэнцыя і формы работы Парламента

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь, які складаецца з дзвюх палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

У аснове дзейнасці Парламента ляжаць прынцыпы вяршэнства права і законнасці, падзелу дзяржаўнай улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, дэмакратычнасці, галоснасці і шэраг іншых. Тэрмін паўнамоцтваў Парламента — чатыры гады.

У склад Палаты прадстаўнікоў уваходзяць 110 дэпутатаў, якія абіраюцца з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, што дасягнулі 21 года, на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым заняццем пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або суддзі.

Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбiраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска па восем членаў Савета Рэспублікі. Восем членаў Савета Рэспублікі назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш за пяць гадоў. Член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада.

Палаты Нацыянальнага сходу збiраюцца на дзве чарговыя сесіі ў год. Першая сесія адкрываецца 2 кастрычніка, і яе працягласць не павінна перавышаць 80 дзён. Другая сесія адкрываецца 2 красавіка з працягласцю не больш за 90 дзён. У выпадку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама па патрабаванні большасці не менш за дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат могуць склікацца нечарговыя сесіі Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі.

Кампетэнцыя Нацыянальнага сходу рэалізуецца з дапамогай ажыццяўлення прадстаўнічых, заканадаўчых i iншых паўнамоцтваў палат Нацыянальнага сходу, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

Да кампетэнцыі Савета Рэспублікі адносяцца:

адабрэнне або адхіленне прынятых Палатай прадстаўнiкоў праектаў законаў, у тым ліку аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

дача згоды на назначэнне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Старшыні Канстытуцыйнага Суда, Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыні і членаў Праўлення Нацыянальнага банка;

абранне шасці суддзяў Канстытуцыйнага Суда;

абранне шасці членаў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў;

адмена рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству;

прыняцце рашэння аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння ім патрабаванняў заканадаўства і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам;

разгляд указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб увядзенні надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі і не пазней чым у трохдзённы тэрмін пасля іх унясення прыняцце адпаведнага рашэння.

Да агульнай кампетэнцыі палат Парламента адносяцца прыняцце рашэнняў аб унясенні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь прапановы аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму, разгляд часовых дэкрэтаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, заслухоўванне штогадовых пасланняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да Парламента, правядзенне сумесных пасяджэнняў для адказаў Урада на пытанні парламентарыяў.

Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі маюць права прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.