Жыллё і дарогі – асноўны вектар развіцця аграгарадкоў

Лапицкий Глеб Александрович
Лапицкий Глеб Александрович

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск” Глеб Лапіцкі на мінулым тыдні працаваў у аграгарадку Мікіціха. У будынку Лаўжанскага сельвыканкама ён правёў асабісты прыём грамадзян і юрыдычных асоб, асаблівую ўвагу ўдзяліўшы пытанням добраўпарадкавання населенага пункта, развіцця дарожнай інфраструктуры. «Жыллё і дарогі – асноўны вектар развіцця аграгарадкоў», – падкрэсліў парламентарый.

Глеб Лапіцкі разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам правеў сустрэчу з насельніцтвам аграгарадка, абмеркаваў пытанні развіцця жыллёвага будаўніцтва, стану дарог. Сенатар расказаў пра дзейнасць беларускага Парламента, заканатворчы працэс, важнасць правядзення асабістых прыёмаў грамадзян і сустрэч, адказаў на пытанні жыхароў аграгарадка.

Член Савета Рэспублікі наведаў таксама Мікіціхінскую сярэднюю школу імя Героя Савецкага Саюза М. А. Ласкунова, дзе азнаёміўся з музеем гісторыі школы і правёў сустрэчу з калектывам, падчас якой асаблівую ўвагу надаў захаванню памяці аб Вялікай Перамозе.

МІНІ-ІНТЭРВ’Ю З НАГОДЫ

4 красавіка споўніўся год з моманту абрання Глеба Лапіцкага членам Савета Рэспублікі ад чатырох раёнаў Віцебскай вобласці (Віцебскага, Гарадоцкага, Лёзненскага і Шумілінскага). З гэтай нагоды мы падрыхтавалі для сенатара некалькі пытанняў, на якія ён з задавальненнем адказаў.

– Глеб Аляксандравіч, якім быў ваш першы год сенатарства?

– Мая новая пасада не вызваляе ад асноўнай дзейнасці. І хоць з’явілася дадатковая нагрузка, работа ў верхняй палаце Парламента для мяне – вялікая адказнасць і цудоўны вопыт работы. І я вельмі ўдзячны сваім выбаршчыкам за тое, што прадаставілі такую магчымасць. Абранне ў Савет Рэспублікі адкрыла новыя гарызонты. Гэта быў год цікавых знаёмстваў, незабыўных сустрэч, важных стасункаў і насычаных працоўных будняў.

– Раскажыце пра асноўныя накірункі вашай работы ў Савеце Рэспублікі.

– Работа членаў Савета Рэспублікі – гэта права заканадаўчай ініцыятывы, удзел у рабочых пасяджэннях, у тым ліку сумесных з Палатай прадстаўнікоў, дзейнасць пастаянных і часовых камісій. Я знаходжуся ў Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Выдатна, што наш Парламент прадстаўлены людзьмі розных узростаў і ўсіх галін: эканомікі, сацыяльных сфер, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі, культуры, навукі, спорту. І кожны з нас глядзіць на законапраекты праз прызму сваіх ведаў, уменняў, вопыту.  За час работы ў верхняй палаце працаваў над праектамі законаў «Аб pмяненні законаў па пытанні ветэранаў», «Аб змяненні кодэксаў па пытанні адукацыі», «Аб змяненні законаў па пытаннях крымінальнага кодэкса» і інш. Зараз на стадыі прапрацоўкі, улічваючы актуальнасць і злабадзённасць праблемы, знаходзяцца пытанні рэгулявання вейпінгу.

– Глеб Аляксандравіч, вы рэгулярна праводзіце асабістыя прыёмы і прамыя тэлефонныя лініі, пастаянна ўдзельнічаеце ў мерапрыемствах, якія праходзяць у раёнах. Што гэта вам дае?

– Сваю работу ў Савеце Рэспублікі я бачу найперш у высвятленні і вырашэнні праблем і пытанняў рэгіёна. Самае галоўнае – гэта паляпшэнне дабрабыту нашых людзей. Агульнымі намаганнямі ніякіх пытанняў невырашальных няма – я жыву па такім прынцыпе. І ўся вертыкаль улады ў нашай краіне, пачынаючы з сельскіх выканаўчых камітэтаў да кіраўніка дзяржавы, настроена на тое, каб працаваць для людзей. З людзьмі трэба размаўляць і дапамагаць вырашаць іх праблемы, якімі б нязначнымі яны не здаваліся. І гэта адзін з паказчыкаў эфектыўнасці работы народных абраннікаў. Да таго ж, такія сустрэчы з’яўляюцца своеасаблівым маніторынгам, як працуюць прынятыя заканадаўчыя акты на месцах. І наадварот, патрэбы і ініцыятывы, выказаныя людзьмі, пасля могуць быць улічаныя ў больш глабальных планах і праграмах.

Ссылка на статью: https://www.shumilino.by/?p=89511

Все интервью