Галоўная / Дзейнасць / Заканадаўчая дзейнасць

Заканадаўчая дзейнасць

Права заканадаўчай ініцыятывы рэалізуецца суб’ектамі права заканадаўчай ініцыятывы шляхам унясення ў Палату прадстаўнікоў праектаў законаў. Права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек.

Праекты законаў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь разглядаюцца ў Палаце прадстаўнікоў па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або па ініцыятыве не менш за 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.

Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні — Урада.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні Урад маюць права ўносіць прапановы ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі аб абвяшчэнні разгляду праекта закона тэрмiновым. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў гэтым выпадку павінны разгледзець гэты праект закона на працягу 10 дзён з дня ўнясення на іх разгляд.

Першачарговаму разгляду палатамi Нацыянальнага сходу падлягаюць праекты законаў:

аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, аб увядзенні ў дзеянне законаў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;

аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

непасрэдна накіраваныя на рэалізацыю палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год;

падрыхтаваныя на аснове нарматыўных прававых актаў Саюзнай дзяржавы.

Палата прадстаўнікоў прымае рашэнні ў форме законаў і пастаноў. Савет Рэспублікі прымае рашэнні ў форме пастаноў. Рашэнні палат Нацыянальнага сходу лічацца прынятымі пры ўмове, што за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу палат Нацыянальнага сходу.

Большасцю не менш за дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Нацыянальнага сходу прымаюцца:

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь;

законы аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;

законы аб увядзеннi ў дзеянне законаў аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;

законы аб тлумачэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;

законы аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, аб ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь (праграмныя законы);

законы, вернутыя Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь са сваiмi пярэчаннямi для паўторнага разгляду і галасавання, у выпадку пераадолення гэтых пярэчанняў;

законы аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у закон, асобныя палажэнні якога вернуты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са сваімі пярэчаннямі для паўторнага разгляду і галасавання, у выпадку пераадолення гэтых пярэчанняў.

Палата прадстаўнікоў па патрабаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнні — Урада прымае большасцю не менш за дзве трэці галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў законы, па якіх пагаджальнымі камісіямі, створанымі палатамі Парламента, не прыняты ўзгодненыя тэксты праектаў законаў.